Vondel | Работы | «Птушачкi на палях»

«Птушачкi на палях»

Шорт-сторы: У “Чырвоную кнігу” Рэспублікі Беларусь уключаны 70 відаў птушак. Напрыклад, на дадзены момант у краіне засталося ўсяго 5 параў сіваваронак, 4 пары беркутаў, 3 пары чырвоных каршуноў, 2 пары сіпух... Калі нічога не рабіць, зусім хутка нам давядзецца выкрэсліваць гэтых птушак са спісаў тых, хто здольны лётаць і спяваць у нашых лясах і палях. Для таго, каб звярнуць увагу на праблему знікаючых відаў птушак, занесеных у “Чырвоную кнігу”, мы прыдумалі і рэалізавалі праект “Птушкі на палях”.

Рэалізацыя: Людзям, якія чытаюць кнігі, часта хочацца адзначаць асабліва важныя для іх месцы – і яны малююць алоўкам птушачкі-галачкі на палях старонак. Мы падумалі, што было б выдатна прыдумаць і намаляваць сапраўдных птушачак, якіх можна літаральна пакідаць у кнігах, стварыўшы незвычайныя і мілыя наборы закладак са стыкерамі.

Спецыяльна для праекту мы папрасілі ілюстратара-графіка Іру Забелу намаляваць нам 4 групы птушак з “Чырвонай кнігі”, па тры віды ў кожнай групе, каб потым выкарыстоўваць іх на нашых закладках. Дызайнеры агенцтва прывялі птушачак у належны выгляд і распрацавалі дызайн закладак і тэчак. У выніку, у кожным наборы ў нас з’явіліся 4 арыгінальныя закладкі з 15 стыкерамі на кожнай.

Налепкі з маленькімі птушачкамі размешчаны на празрыстай аснове, таму ні ўлюбёныя кнігі, ні тэкст на старонках не пацерпіць, а толькі выйграе ад такіх прыемных і арыгінальных чорна-белых малюначкаў на палях.

Пасыл акцыі просты: “Птушачкі павінны застацца не толькі ў кнігах!”

На адваротным баку закладак мы змясцілі больш буйныя малюнкі чырванакніжных відаў птушак з падрабязным апісаннем іх колькасці і пагрозы знікнення. Такім чынам, мы хочам прыцягнуць увагу да праблемы і прывесці людзей на сайт арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” за больш падрабязнай інфармацыяй.

Наборы ўжо радуюць настаўнікаў і дзяцей у школах, наведнікаў святаў і эка-фэстаў АПБ, сталі прыемнымі сувенірамі для партнёраў і сяброў арганізацыі. А асобныя закладкі “прызямліліся” ў кнігі тых людзей, якія чыталі папяровыя выданні ў парках, кавярнях і ў метро. У будучыні мы плануем раздаць нашы наборы ў кнігарні горада, каб яны сталі бясплатным і прыемным дадаткам да пакупак.

Спадзяемся, што наша акцыя і незвычайныя закладкі стануць своеасаблівым напамінам пра тое, як важна захоўваць птушак не толькі на палях кніг, але і берагчы іх у рэальнай прыродзе, на самых сапраўдных палях і лугах.

Вынiкi:

1000
набораў
4000
закладак
15 000
птушак-стыкераў, прызямлiўшыхся ў кнiгах чытачоў
Вернуться ко всем работам